ЗАХО́ДНЕ-КАНА́ДСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,
у Канадзе (прав. Брыт. Калумбія, Альберта, Саскачэван, Паўн.-Зах. тэр. і тэр. Юкан) і часткова ў межах ЗША (штат Мантана). Пл. 1,2 млн. км2 (з іх у ЗША 36 тыс. км2). Прамысл. распрацоўка нафты з 1924. Нафтаносныя паклады сярэдняга дэвону — верхняга мелу. Адкрыта больш за 310 радовішчаў нафты і 600 газу. Гал. радовішчы: Пембіна, Суон-Хілс, Рэдуатэр (нафта), Кросфілд (газ). Пачатковыя запасы 2,4 млрд. т нафты і 4,3 трлн. м3 газу. Запасы бітумаў (радовішчы Атабаска) каля 40 млрд. т. Усе радовішчы звязаны разгалінаванай сеткай трубаправодаў з заводамі па перапрацоўцы і рынкамі збыту.
т. 7, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)